Государственное учреждение образования "Средняя школа №24 г. Борисова"
телефон: +375-177-97-60-05
email: upk24@rooborisov.by
222521, г. Борисов, ул. Пирогова, 65а

Паездка ў Нацыянальную бібліятэку, заалагічны музей БДУ і на Курган Славы

08.04.2024
Паездка ў Нацыянальную бібліятэку, заалагічны музей БДУ і на Курган Славы

У бягучым навучальным годзе паралель 6-х класаў здзейсніла ўжо чацвёртую турыстычную паездку.


У бягучым навучальным годзе паралель 6-х класаў здзейсніла ўжо чацвёртую турыстычную паездку. І кожны раз нешта новае здзіўляе і захапляе падарожнікаў сваёй веліччу і маштабнасцю. Чарговая паездка адбылася 04.04. ў Нацыянальную бібліятэку, заалагічны музей БДУ і на Курган Славы.
Першая экскурсія ўразіла ўзроўнем, веліччу, маштабнасцю. Адна справа ведаць, што бібліятэка ўваходзіць у склад самых незвычайных пабудоў у свеце, і зусім іншае бачыць усё гэта на ўласныя вочы: і шкляную падлогу, якая дапамагае ў асвятленні, і маленькія вагончыкі, якія вязуць кнігі, вялікія і маленькія чытальныя залы, абсталяваныя па апошняму слову тэхнікі, высозныя, у некалькі метраў пано, прысвечаныя абласцям краіны,  металічныя шчыты, ад якіх рассейваецца святло ліхтароў, вялікі прыгожы горад, што адкрываецца вачам з аглядавай пляцоўкі на вышыні 73 метраў—усё гэта з’яўляецца сведчаннем ўзроўню і дасягнення сучаснай навукі і мастацтва. І разам з тым выстава, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне з адмысловымі экспанатамі, такімі як скрыначка з  фарбамі і напісаная ад рукі кніга з  малюнкамі партызанскага жыцця, якія прайшлі разам з аўтарам  праз усю вайну, ціхутка прытулілася на адным з паверхаў як журботны напамін пра жахлівыя часы і заклік  цаніць сонечнае “сёння”.  Пра вялікае майстэрства і фантазію сведчыць адмысловая машына часу.
Другая экскурсія захапляе  не менш за першую. Заалагічны музей БДУ  таксама ўражвае не толькі веліччу і маштабам,  але яшчэ і неверагоднасцю звестак, якія літаральны сыпаліся з вуснаў экскурсаводаў. Гэта ж хто б мог падумаць, што ў касаткі з ласём ёсць нешта там агульнае на генным узроўні, а тых жа ласёў збіраліся ў пачатку 20-га стагоддзя  прыручыць і выкарыстоўваць як коней, што зуб ляснога слана, рэшткі якога былі знойдзены ў час пракладання мінскага метро, па памерах нагадвае маленькі зэдлік, а беркут можа ляцець з хуткасцю 300 км. за гадзіну!  Гэта не кажачы аб тым, што ўсе гэтыя 3000 экспанатаў, за выключэннем аднаго, некалі бегалі, лёталі, плавалі і г.д.
Як магутны волат, які стаіць на ахове міру і ладу,  праводзіў нас вачыма і Курган Славы. Здаецца, не першы раз сюды прыходзіш, але кожны раз нейкае новае пачуццё велічы і ўдзячнасці кранае сэрца. Глядзіш за акно аўтобуса і міжволі думаеш: якая ж ты непаўторная, мая Радзіма!

 

Версия сайта для слабовидящих