Государственное учреждение образования "Средняя школа №24 г. Борисова"
телефон: 97 60 05
email: upk24@rooborisov.by
222521, г. Борисов, ул. Пирогова, 65-А

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

18.02.2023
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

17 лютага 2023 года вучні 8-11 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Барысава” наведалі ў Мінску Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры


17 лютага 2023 года вучні 8-11 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Барысава” наведалі ў Мінску Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Экскурсія была прымеркавана Міжнароднаму дню роднай мовы і распавядала пра гісторыю беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя.

Мы мелі магчымасць не толькі ўзгадаць літаратурныя і гістарычныя працэсы таго часу, але і пазнаёміцца з выбітнымі асобамі пісьменнікаў нашай краіны і іх укладам у развіццё беларускай культуры. Да ўвагі наведвальнікаў музея прапанаваны асабістыя рэчы пісьменнікаў і прыжыццёвыя выданні іх твораў. Можна было паглядзець сціплае абсталяванне інтэрнатнага пакоя студэнтаў-пісьменнікаў 60-х гадоў, рабочы кабінет пісьменніка з рарытэтнымі рэчамі (напрыклад, настольная лямпа Уладзіміра Караткевіча, якая працуе і зараз, стэлажы з кнігамі Кандрата Крапівы, рукапісныя лісты, друкаваная машынка, чарнільніца і іншае).

Адкрывае экспазіцыю творчасць пісьменнікаў франтавога пакалення, сярод якіх вылучаецца К.Крапіва, што прайшоў чатыры вайны. Усё перажытае ў гэты цяжкі час увасобілася ў творчасці пісьменнікаў.

Нельга было не затрымацца ля вялікага спісу рэабілітаваных дзеячаў літаратуры як напамін пра жорсткія рэпрэсіі 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Побач з імёнамі вылучаецца надпіс Алеся Звонака: “Трэба выцерпець шмат за айчыну, Каб яе навучыцца любіць”.

Аказалася, што па прывезеных пісьменнікамі рэчах-сувенірах з замежных краін можна вывучаць геаграфію, а тэатральныя і кінаафішы маюць самае непасрэднае дачыненне да літаратуры. Не абмінулі і куток дзіцячай літаратуры, напоўнены каляровым святлом маленства.

Спыніліся ля стэлажа з творамі маладых літаратараў-бунтароў 90-х гадоў. Літаратурная групоўка “Тутэйшыя” і літаратурны рух “Бум-Бам-Літ” былі заўважнай з’явай таго часу, якія разам з краінай імкнуліся знайсці сябе і будаваць новую Беларусь, часам адважваліся на смелыя эксперыменты. Напрыклад, дэвізам Бум-бам-літаўцаў быў: “Калі твор не зробіць бум, то няхай ён зробіць бам”. Творы выходзілі ў самаробных альманахах, якія пісьменнікі самі ілюстравалі сюррэалістычнымі малюнкамі. А карціна Зміцера Вішнёва “Смерць Бум-Бам-Літа” сведчыць не толькі пра распад самога руху, але і пра ўвесь час складаных 90-х гадоў.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць радкі з верша Генадзя Бураўкіна, якія застаюцца вельмі актуальнымі і ў XXI стагоддзі і знітоўваюць пакаленні двух стагоддзяў:

Мы — розныя,
Як розныя мясціны,
Што нас у свет шырокі прывялі.
У кожнага ёсць свой куток адзіны,
Найлепшы,
Найраднейшы на зямлі…


Мы — розныя.
Ды нас усіх яднае
Спазнаная душою спакваля
Крынічная,
Сунічная,
Лясная,
Пяшчаная бацькоўская зямля,
Радзінны край,
Цярплівы і збалелы,
Гасцінны,
Як рассцелены абрус,
У тысячах навалаў ацалелы
З дабраславёным імем —
Беларусь.

Л.М.Лапянок, намеснік дырэктара па ВР

Версия сайта для слабовидящих