Государственное учреждение образования "Средняя школа №24 г. Борисова"
телефон: 97 60 05
email: upk24@rooborisov.by
222521, г. Борисов, ул. Пирогова, 65-А

27 сакавіка паралель 7-ых класаў нашай школы наведала Зембін

28.03.2025
27 сакавіка паралель 7-ых класаў нашай школы наведала Зембін

27 сакавіка паралель 7-ых класаў нашай школы наведала Зембін. Гэты населены пункт вызначаецца як аграгарадок. Знешне ён больш нагадвае вёску, самую звычайную. Але гэта толькі на першы погляд. На самай справе гэты населены пункт налічвае ўжо 500 год і мае вельмі багатую гісторыю, пра якую з годнасцю і пашанай нам распавядалі яе захавальнікі і апавядальнікі. Спачатку протаіерэй Андрэй Капульцэвіч, ці проста айцец Андрэй, гасцінна сустрэў наведвальнікаў у нядаўна адноўленым храме Архангела Міхаіла, які выглядае вельмі годна, і нават шыкоўна. Вагі храму надаюць музейныя рэчы. Куток са старажытнымі кнігамі пазірае на гасцей аркушамі пацярпелых ад часу выданняў, а на асобным узвышэнні ў новенькіх пераплётах красуюцца тры вялізныя кнігі. Гэта факсімільныя выданні Слуцкага, Жухавіцкага і Астрамірава Евангелляў. Адметна тое, што ўнутры кнігі не друкаваныя, а самапісныя. Побач на подыумах пад шклом і ў суседнім музейным пакойчыку размясціліся царкоўныя прылады і прадметы з гучных падзей двух мінулых стагоддзяў: вайны 1812г, Першай сусветнай, Вялікай Айчыннай вайны. У асноўнай алтарнай частцы маецца таксама куточак з фотавыставай з гісторыі храма, гісторыі і трагічнай, і велічнай. Драўляны храм знішчаўся ліхалеццем, а вось цагляны быў прынесены ў ахвяру кінематографу – наўмысна ўзарваны пад час здымкаў савецкага ваеннага фільма. Але сёння ён, адноўлены руплівымі рукамі неабыякавых людзей, зіхаткі і прыгожы, у атачэнні хваёвых прысад на заходні манер, зноў вітае гасцей, нібы вяртаючы мястэчку былую, страчаную ліхалеццем праз стагоддзі, веліч. Дарэчы, мястэчка, што знаходзіцца на скрыжавнні буйных шляхоў, было ва ўладаннях знакамітых шляхецкіх родаў і ў старажытнасці мела нават драўляныя тратуары. У пабудове насупраць туліцца музей самалётаў, дзе сабраны рэшткі знойдзеных баявых машын часоў Вялікай Айчыннай вайны. У хуткім часе павінны з’явіцца макеты гэтых машын. Але самае галоўнае: імёны лётчыкаў вернуты са “зніклых без звестак”, а іх нашчадкі і сваякі ўрэшце даведаліся аб месцы апошняга прытулку сваіх герояў. У школьным музеі пяшчотна, і нават урачыста, распавядалі вучні школы са сваім кіраўніком, Валянцінай Мікалаеўнай, пра хатнія рэчы народа, традыцыі, якія бытавалі ў кожным сялянскім двары, аб тым, што спрадвеку шанавалі беларусы, аб чым клапаціліся. Самабытна і годна выглядае таксама Музей народнай славы. Ён хавае трагічную і гераічную гісторыю народнага змагання часоў Вялікай Айчыннай вайны,бо прысвечаны змагарам-партызанам. Ваенныя прылады, прадметы быту, засяроджаныя твары герояў лясных сцежак пазіраюць на экскурсантаў пытліва і строга, нібы хочучы разгледзець тых, дзеля каго яны цярпелі і выжывалі ў страшэннай ваеннай калатнечы. Урачыта і дакладна Галіна Іванаўна даводзіла слухачам жорсткія рэаліі тых жахлівых дзён.

Гонарам поўнілася асоба экскурсавода, калі яна распавядала і пра знакамітую мастачку-зямлячку Надзею Хадасевіч-Лежэ, дзякуючы якой у гэтай невялікай беларускай вёсцы маюцца мазаічныя карціны еўрапейскіх мастакоў і галерэя звычайных карцін і рэпрадукцый.

Успамінаючы гісторыка-культурнае багацце Зембіна, клопат неабыякавых людзей аб захаванні памяці, пранікнёныя словы апавядальнікаў, міжволі думаеш: якая ж шматпакутная наша зямля! Больш за 80 год прайшло з часу апошняй вайны, а ёй баліць. І няма канца гэтаму болю. Ды і не будзе, відаць, пакуль жывая чалавечая памяць…

Шышла С. У., класны кiраунiк 7В

Версия сайта для слабовидящих